ЧАСО́ВЫ ПАЛЯВЫ́ АЎДЫТАРЫЯ́Т (ЧПА),

карны орган пры штабе войск Віленскай ваен. акругі, які выносіў прысуды ўдзельнікам паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Дзейнічаў у Вільні з 12.10.1863 да 25.8.1867. Разглядаў судова-следчыя справы ўдзельнікаў паўстання на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Аўгустоўскай губ., зацвярджаў прыгаворы ваенна-палявых судоў, прадстаўленні мясц. органаў. Арыгіналы разгледжаных спраў заставаліся ў аўдытарыяце. Дакументальны фонд ЧПА захоўваецца ў Дзярж. гіст. архіве Літвы і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання і тагачаснага грамадска-паліт. жыцця. Уключае справы К.​Каліноўскага і яго паплечнікаў, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Навагрудскай і інш. рэв. арг-цый, нелегальных т-ваў «Бібліятэка ашмянскай моладзі» і «Пянтковічаў», матэрыялы пра распаўсюджванне газ. «Мужыцкая праўда», склад і дзеянні паўстанцкіх атрадаў, барацьбу розных плыней у вызв. руху, удзел у паўстанні бел. пісьменнікаў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага, Я.​Вуля і інш.

Літ.:

Обушенкова Л.А. Архивные материалы судебно-следственных учреждений 1863—1866 гг. по делам участников восстания // К столетию героической борьбы «за нашу и вашу свободу». М., 1964;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977;

Rok 1863: Wyroki śmierci. Wilno, 1923.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)